Праца грузчыка — самая распаўсюджаная падпрацоўка для юнакоў. З асабістага вопыту магу сцвярджаць, што гэтая фізічна цяжкая праца, аднак, добра аплачваецца. Многія студэнты, маладыя настаўнікі і інжынеры толькі так і выжываюць.

Праца грузчыка бывае трох тыпаў: гэта «пераезды» (мэбля, клункі з адзеннем, чамаданы), «рамонты» (занос будматэрыялаў, вынас будсмецця) і «разгрузка» (фур і вагонаў на чыгунцы).

У кожнага тыпу ёсць свае нюансы. Я на ўсё жыццё запомніў перанос двухспальнага ложку ад адной гаспадыні да другой. Ужо на шостым паверсе «прымаючая» гаспадыня заўважыла некалькі драпін на рагах каркасу ложка. Ложак мы цягнулі ўдвух, лесвічная пляцоўка была вузкая, а гаспадыня не абцяжарыла сябе нават адкрыццём дзвярэй у пад’езд, але ж крычала…

На «рамонтах» у гэтым плане значна прасцей, бо надарваны вугалок на мяшку з тынкоўкай асабліва нікога не хвалюе.

Вялікім плюсам у працы грузчыка з’яўляецца наяўнасць грузавога ліфту, але гэта здараецца не заўсёды, і часам прыходзілася цягаць канапы уручную на 12-ы паверх.

«Разгрузка» аплачваецца найлепш. Але гэта звычайна праца вялікага аб’ёму, цяжкая і якая займае шмат часу.

Як знайсці працу грузчыка? Найперш дапамагае інтэрнэт. Аднак вялікую ролю тут адыгрываюць таксама і асабістыя наладжаныя кантакты і наяўнасць знаёмых у адпаведнай сферы.

На першыя свае разгрузкі я ездзіў будучы яшчэ на першым курсе. Запрашалі мяне мае сябры пяцікурснікі. Пасля свайго сыходу яны пакінулі мае кантакты некалькім кіроўцам, якія займаліся грузаперавозкамі, і адной мэблевай фірме. Чым больш працы, тым больш з’яўляецца знаёмых сярод будаўнікоў, а значыць пачашчаюцца і выклікі.

Мае знаёмыя змяшчалі абвесткі на пад’ездах, у газеце «З рук у рукі», абзвоньвалі кіроўцаў, якія прапануюць транспартныя паслугі, і пакідалі ім свае тэлефоны. Іншыя абышлі будаўнічы рынак на Уруччы і раздалі гандлярам раздрукаваныя нумары сваіх тэлефонаў.

Якія расцэнкі? На сёння бывае два спосабы разліку. Або па 50–55 тысяч за гадзіну (гэта значыць, 6 даляраў). Або сыходзячы з тарыфу: першая гадзіна 10 даляраў, астатнія па 5. Двайная аплата за першую гадзіну разлічана на той выпадак, калі месца разгрузкі далёкае, калі дарога да працы займае больш часу, чым сама праца.

Студэнты бяруць працэнтаў на 20 менш, чым прафесійныя грузчыкі. Прафесіяналы часам таксама накручваюць асобны тарыф за паверхі, калі прыходзіцца заносіць штосьці ўручную.

Сакрэты поспеху? Акуратнасць і ветлівасць. Вы спакойна, хутка і без драпін занеслі чалавеку мэблю? Ён абавязкова запіша Вашы кантакты сваёй радні альбо знаёмым. Вы аператыўна адгукнуліся на тэлефанаванне кіроўцы фургона? Ён бомкне вам ізноў. Так гэта працуе.

У сярэднім мне трапляе адна «разгрузка» і адзін-два «пераезды» за тыдзень. Гэта гадзін дванаццаць часу непасрэднай працы і заробак у даляраў 60. За месяц на пагрузках я такім чынам зарабляю даляраў 200–250.

Спіна? Не, пакуль не баліць. Прафесійныя грузчыкі, дарэчы, карыстаюцца паясамі цяжкаатлетаў і эластычнымі бінтамі. А таксама вяроўкамі для пераносу цяжкіх грузаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?