Сёлета спаўняецца 590 гадоў, як у Новагародку браў свой чацвёрты шлюб 70-гадовы кароль польскі і найвышэйшы князь літоўскі Ягайла з 17-гадовай князёўнай Соф'яй Гальшанскай.
Часам гісторыкі любяць звяртацца не толькі да невядомых фактаў, каб выказаць свой пункт погляду, а нават да ўжо вядомых. Датычыць гэта і гістарычных дат. У абсалютнай большасці публікацый пра Ягайлу годам яго нараджэння называецца 1351 альбо 1352. Гэта засведчылі як нашыя, так і замежныя даследчыкі. Аднак апошнім часам у польскай навуковай літаратуры сустракаецца іншая дата, і звязана гэта акурат са шлюбаваннем караля польскага ў Новагародку. Гаворыцца, праўда, без спасылак на адпаведныя дакументы, што 60-гадовы, а не 70-гадовы Ягайла браў шлюб з Соф'яй Гальшанскай. Ну, ды хай сабе: мо ў спрэчцы і сапраўды народзіцца ісціна.
Штосьці падобнае і з датай шлюбавання. У гістарычных крыніцах называюцца дзве: 4 і 24 лютага 1422 года. Паколькі большасць сведчанняў за 24 лютага, то і я таксама прытрымліваўся гэтай даты, калі пісаў раман "Каралева не здраджвала каралю, альбо Каралеўскае шлюбаванне ў Новагародку". Такім чынам, сёлета спаўняецца 590 гадоў, як гальшанская княжна Соф'я — сярэдняя з трох дочак князя Андрэя Іванавіча Гальшанскага і Аляксандры Дзмітрыеўны з роду Друцкіх — пабралася шлюбам з каралём польскім Ягайлам і неўзабаве стала каралевай польскай, далучылася да грона еўрапейскіх ўладных дамоў.
Шлюб гэты адбываўся ў нашым сённяшнім Навагрудку амаль праз 200 гадоў пасля таго, як горад з'яўляўся рэзідэнцыяй вялікага князя літоўскага і першага караля Вялікага Княства Літоўскага Міндоўга. 24 лютага 1422 года ў гэтым ужо не стольным горадзе сабралася столькі высокапасаднага люду з Княства і Каралеўства Польскага, што можна было падумаць: гісторыя робіць кругабег і да Новагародка вяртаецца былая сталічная велічнасць і значнасць. Ведама, такая непраўдападобная вестка агучыла ўсё наваколле — ад Вільні ажно да Кракава: тут задумаў браць свой чацвёрты шлюб сам кароль польскі і найвышэйшы князь літоўскі Ягайла. Гэта ён, калі быў толькі вялікім князем літоўскім і сваёй рэзідэнцыяй меў Крэўскі замак, прымаў у 1385 годзе высокапасадную дэлегацыю з польскай сталіцы. Польская шляхта прыехала ў далёкія землі, каб запрасіць Ягайлу стаць каралём. А каб прэтэндэнт не адмовіўся, прапанавалі 33-гадоваму вялікаму князю за жонку найпрыгажэйшую ў Еўропе 12-гадовую каралеву польскую Ядвігу. Шчаслівы Ягайла пераехаў у Кракаў, стаў жыць у каралеўскім Вавелі і спадзявацца на сына-спадчынніка, каб можна было законным чынам перадаць уладу.
Ды не спрыяў Ягайлу лёс. Ядвіга нарадзіла дачку, якая не пражыла і месяца, а адразу за ёй памерла і сама 25-гадовая Ядвіга. Аўдавелы кароль яшчэ двойчы намагаўся выпрабаваць лёс. 29 студзеня 1402 года ён пабраўся шлюбам з 21-гадовай нямкіняй Ганнай Цылейскай — дачкой графа Цыліі Вільгельма. Ганна нарадзіла яму дачку, якую назвалі Ядвігай. Але па спадчынным праве каралём мог стаць толькі сын, а не дачка. А 21 сакавіка 1416 года другая Ягайлава жонка адышла ў лепшы свет. Мінула каля года, і кароль мусіў жаніцца трэці раз. На гэты раз ён выбраў "простую польку" — удаву пасля двух мужоў Эльжбету Граноўскую-Пілецкую. Яна мела дзяцей ад ранейшых шлюбаў. Аднак ад шлюбу з Ягайлам дзетак не было. І зноў злы лёс не пашкадаваў Ягайлу. Праз тры гады сумеснага жыцця Эльжбеты не стала. На вачах усіх падданых знікала мара Ягайлы мець спадчыннікаў, каб не выпусціць каралеўскі жэзл у чужыя рукі.
Аднак не такі быў крэўскі выхаванец, каб складваць рукі і паддавацца лёсу. Ён задумаў ажаніцца чацвёрты раз. Ды не проста ўзяць чарговы шлюб, а зрабіць так, каб і лёс падпарадкаваць сабе, і ўсім даказаць, што вялікалітоўскія гаспадары могуць быць здатнымі ва ўсіх справах. І сямідзесяцігадовы Ягайла папрасіў свайго паплечніка, вялікага князя літоўскага Вітаўта пасватаць яму сямнаццацігадовую гальшанскую князёўну Соф'ю, якая тады жыла ў свайго дзядзькі Сямёна Дзмітрыевіча Друцкага, бо яе бацька памёр, калі Соф'і было ўсяго 5 гадкоў. Аднак на той час вельмі пільна сачылі за захаваннем звычаяў і традыцый. Меншая сястра не магла пайсці замуж раней за старэйшую. А старэйшую Васілісу не хацеў браць Ягайла. Каб задаволіць каралеўскі капрыз, давялося хуценька знайсці жаніха Васілісе.
Але і гэта не ўсе з прыдумак Ягайлы. Выбіраючы жонку са сваіх ліцвінскіх, то бок беларускіх зямель, ён спадзяваўся, што яна адвядзе караля ад бяздзетнасці. А каб гэты спадзеў стаў мацнейшым і больш надзейным, Ягайла вырашыў пабрацца шлюбам не ў стольным польскім Кракаве, а ў былой сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, якая і яго самога выправіла ў каралеўскую дарогу, надзейна паставіла на крыло.
Вось і прыехаў ён з вялікай світай у заснежаны Новагародак, каб тут, на сваёй ліцвінскай, лічы беларускай, зямлі пабрацца шлюбам з дачкой гальшанскага князя Андрэя, таксама ліцвінкай. Пра тую памятную падзею дагэтуль усім наведнікам Навагрудка нагадвае памятная дошка ў Фарным касцёле, калісьці збудаваным Вітаўтам Вялікім, пастаўленая ў 1920-я гады (на польскай мове): "У гэтай святыні ў 1422 годзе Уладзіслаў Ягайла, кароль польскі і вялікі князь літоўскі, браў шлюб з Соф'яй, княжной гальшанскай, будучай маткай каралёў польскіх Уладзіслава Варненьчыка і Казіміра Ягелончыка. Кароль Казімір Ягелончык быў бацькам св. Казіміра і каралёў польскіх Яна Ольбрахта, Аляксандра, Жыгімонта І, а таксама Уладзіслава, караля венгерскага і чэшскага, і Фрыдэрыка, кардынала касцёла рымскага, прымаса Польшчы, дзедам Жыгімонта Аўгуста, апошняга з дынастыі Ягелонаў, якія на вышэйшую ступень магутнасці і славы ўзнеслі Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае".
Так гальшанская князёўна Соф'я стала не толькі каралевай польскай, але і маці каралёў, як называлі яе сучаснікі і пісьменнікі. Хіба ж не праўда? Зірніце яшчэ раз на пералік імёнаў і прозвішчаў, што на навагрудскай памятнай дошцы. Бачыце, колькі там розназямельных каралёў? І ўсе — ад Ягайлы і Соф'і Гальшанскай, выхаванцаў нашай, тутэйшай зямлі. Кажуць, што і дагэтуль у Еўропе няма ніводнага высокаўладнага дома, які ў сваёй спадчыннай гісторыі не меў бы Ягайлавых і Соф'іных каранёў.
Вось так шырока разгарнулася адна з магутных еўрапейскіх дынастый пасля ўдалага шлюбавання ў Новагародку. Каралеўская (польская, венгерская і чэшская) дынастыя Ягелонаў-Ягайлавічаў, адгалінаванне Гедымінавічаў панавала ў сярэднявечнай Еўропе з 1377 да 1572 года. Новагародскае шлюбаванне амаль два стагоддзі ўплывала на ход еўрапейскай палітыкі.
Хоць, што праўда, і з Соф'яй Гальшанскай у Ягайлы жыццё не было бясхмарным. Пасля нараджэння першынца Уладзіслава яе абвінавацілі ў здрадзе мужу, схапілі рыцараў, якія нібыта часцей за іншых наведвалі ложніцу (спальню) каралевы. Катавалі, дапытвалі. Ды адзін з іх — вось дзе сапраўднае рыцарства! — Генрык з Рогава і пад прымусам не мог паклёпнічаць. Ён цвёрда стаяў на сваім: "Каралева не здраджвала каралю!" І даказаў, і апраўдалі Соф'ю. І нарадзіла яна яшчэ двух сыноў, адзін з якіх неўзабаве памёр, а трэці Казімір (які называўся таксама Андрэем — у гонар свайго дзеда і Соф'інага бацькі Андрэя Гальшанскага) меў 13 дзяцей.
Вось такое яно — новагародскае шлюбаванне Ягайлы і Соф'і Гальшанскай.
Але чаму менавіта ў Новагародку, які з 1415 года быў рэзідэнцыяй праваслаўнага мітрапаліта Вялікага Княства Літоўскага, шлюбаваўся ў 1422 годзе католік кароль польскі, калі ўсе ранейшыя ягоныя шлюбы адбываліся ў Кракаве? Чаму трэба было незлічонай колькасці гасцей, вяльмож і дваровых людзей ехаць за блізкі свет — у нейкі недасяжны Новагародак, калі ўсе зручнасці і шляхецкі шык панавалі ў Кракаўскім Вавелі? Чаму наогул кароль выбраў нікому не вядомую Соф'ю з Гальшан, якую пасля ганарлівая польская шляхта назаве трохі здзекліва Сонкай?
Усе гэтыя пытанні хвалявалі мяне, калі задумваўся я пра нашу даўнюю агульную гісторыю, калі карцела нешта напісаць пра той далёкі, але вызначальны для нашай зямлі час. Пошук адказаў і прывёў да стварэння рамана "Каралева не здраджвала каралю, або Каралеўскае шлюбаванне ў Новагародку", першая частка якога — мастацкі твор, а другая — персаналіі, гарады, краіны, шмат у чым новая, "ачалавечаная", храналогія таго часу і тых падзей, якую я назваў "Ягайлаў часапіс".
Калі ж і вас зацікавілі ўсе гэтыя і шмат якія іншыя "чаму?", тады запрашаю да агульнага роздуму над нашай далёкай, але не прыцьмелай гісторыяй: будзем разам шукаць адказы.
Анатоль БУТЭВІЧ, Звязда
13.06.2012 |