Палонкаўскі фэст адбыўся на Баранавіцкай зямлі
Прислал admin 30.06.2010 14:08
У панядзелак вечарам каля 60 прадстаўнікоў баранавіцкіх грамадскіх партый і арганізацый прынялі ўдзел у святочным фэсце, прысвечаным 350-ым угодкам Палонкаўскай бітвы 1660 года.
Продолжение новости:

У панядзелак вечарам каля 60 прадстаўнікоў баранавіцкіх грамадскіх партый і арганізацый прынялі ўдзел у святочным фэсце, прысвечаным 350-ым угодкам Палонкаўскай бітвы 1660 года.

Як вядома з гісторыі Беларусі, 28 чэрвеня 1660 года каля вёскі Палонка (Баранавіцкі раён) аб’яднанае беларуска-украінска-польскае войска пад кіраўніцтвам гетманаў Паўла Сапегі і Стафана Чарнецкага разбілі маскоўскага ваяводу Івана Хаванскага.

Гэтая перамога стала пачаткам пераможнага завяршэння вайны 1654-1667 гадоў паміж Расеяй і Рэччу Паспалітай.

У святочнай імпрэзе прынялі ўдзел не толькі прадстаўнікі баранавіцкай грамадскасці, але і мясцовыя прыхільнікі роднай гісторыі. Напачатку ўдзельнікі фэста прыбралі тэрыторыю ад смецця і скасілі траву ля камня-валуна. Затым краязнаўцы Віктар Сырыца і Міхась Бернат расказалі пра гісторыю гэтай слаўнай бітвы, а баранавіцкія паэты Алесь Корнеў, Ян Збажына і Іван Лагіновіч прачыталі свае вершы, прысвечаныя нашым ваярам і касінерам. Вялікае ўражанне на прысутных зрабіла выступленне баранавіцкіх аматараў сярэднявечча з рыцарскага клубу “Шляхецкая застава”, якія прадэманстравалі сваё вайсковае майстэрства.

На заканчэнні мерапрыемства патрыятычныя песні праспявалі Галіна Ярашэвіч і Алесь Грыцавец, а саксафаніст Валер Шыла падараваў прысутным чароўныя гукі паланэза “Развітанне з радзімай” Міхала Клеафаса Агінскага.

Віктар Сырыца,
29.06.2010, vsebar.by