Студэнтаў БарДУ прымушаюць адклікаць подпісы за апазіцыйных кандыдатаў
Прислал admin 08.11.2010 16:03
Па словах студэнтаў, невядомы чалавек, які прадстаўляецца сябрам выбаркама, пагражае праблемамі з інтэрнатам і ўніверсітэтам, калі яны не адмовяцца ад сваіх подпісаў. У адказ каманда Мікалая Статкевіча напісала скаргу ў ЦВК і рыхтуе зварот у Генпракуратуру.
Продолжение новости:
Па словах студэнтаў, невядомы чалавек, які прадстаўляецца сябрам выбаркама, пагражае праблемамі з інтэрнатам і ўніверсітэтам, калі яны не адмовяцца ад сваіх подпісаў. У адказ каманда Мікалая Статкевіча напісала скаргу ў ЦВК і рыхтуе зварот у Генпракуратуру.

Студэнты Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта расказваюць, як да іх прыходзіў малады чалавек гадоў 28-мі. Ён прадстаўляецца сябрам гарадской выбарчай камісіі Баранавічаў па імені Павел, дакумент не прад'яўляе. У размовах ён адкрыта гаворыць пра магчымыя негатыўныя наступствы за пастаўлены подпіс за апанентаў Лукашэнкі.

Студэнтка: "Пытае: вось вы давалі подпісы за такіх вось кандыдатаў? Я кажу: так. Я аддала свой подпіс за чацвярых. Ён: "Вы ведаеце, што яны – апазіцыянеры?" Кажу, што ведаю, у нас жа дэмакратыя ўсе ж такі. А ён: "Вось вы жывяце ў інтэрнаце – гэта танней, чым кватэру здымаць, вы на пятым курсе, засталося зусім трохі. Не баіцеся, што будуць праблемы?"

Яшчэ адзін са студэнтаў Баранавіцкага ўніверсітэта расказвае, як той самы Павел прыйшоў да яго ў пакой познім вечарам. Ён сказаў, што з'яўляецца сябрам нейкай камісіі і БРСМ. Пры сабе меў падпісныя лісты: ці то арыгіналы, ці то копіі.

Студэнт: "Дастае такі стос лістоў і пытае: "Вы тут ставілі подпісы?" Я кажу: так, ставіў. Ён: "Вы ведаеце, што яны апазіцыя? Разумееце, вось вы жывяце ў інтэрнаце..." І тут я пачаў дзівіцца, як шмат ён пра мяне ведае, пра мае праблемы на мінулай сесіі. Якія былі няздачы, пераздачы. Ён мне проста сказаў: "Выбірай: ці сесія і ты вучышся далей, можа лепей адмовішся..". Я ажно пашкадаваў, што ў мяне дыктафона не было пры сабе, стала вельмі крыўдна, што такім вось займаюцца людзі".

Гэты самы Павел прыходзіў і да тых, хто збіраў подпісы.

"Прыйшоў да мяне чалавек гадоў 27, спытаў: "Вы такі і такі?" Адказваю, так. "Подпісы збіраеш?" Так, кажу, збіраю. Не тое, каб культурна паразмаўляць, ён адразу пачаў з наездаў, "А вы не баіцеся ніякіх наступстваў?" Я кажу: "А якіх наступстваў?" А ён: "Вам прасцей адмовіцца, каб не было ніякіх наступстваў", – расказвае сябра ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча.

У складзе гарадской выбарчай камісіі толькі адзін Павел – Павел Папко, ад працоўнага калектыва Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ён займае пасаду старшыні аддзела ўніверсітэта па выхаваўчай працы з моладдзю. Яго здымак ёсць на сайце навучальнай установы.



Скрыншот з сайта Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта

Па словах старшыні ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча Яраслава Грышчэні, студэнты ўніверсітэта пацвердзілі, што на фотаздымку менавіта той чалавек, які хадзіў па інтэрнатах.

Ёўрарадыё патэлефанавала ў аддзел універсітэта, старшынём якога з'яўляецца Павел Папко. Там паведамілі, што ён выйшаў у студэнцкі інтэрнат. Але далі яго мабільны нумар.

Павел Папко: Я ўпершыню пра гэта чую. Я не ў праве казаць пра нейкія наступствы. Што такое апазіцыйныя?.. Скажыце мне канкрэтна, хто скрадзіцца, і тады будзем прадметна размаўляць.

Еўрарадыё: Студэнты не хочуць адкрыта называць свае прозвішчы.

Павел Папко: Вы кажаце ў агульным – студэнты. Я больш чым упэўнены ў сваіх студэнтах, што яны разумна мысляць, дарослыя людзі, якія не могуць паклёпнічаць. А калі вы размаўляеце з нейкімі няспелымі студэнтамі, то я не ведаю, што вам сказаць.

Па словах Паўла Папко, у межах сваіх абавязкаў ён кантралюе студэнцкія інтэрнаты і засяленне туды, але выхаваўчую працу там курыруюць выхавацелі.

Па факце размоваў са студэнтамі, якія падпісаліся за апазіцыйных кадыдатаў, ініцыятыўная група Мікалая Статкевіча скіравала скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію. 8 лістапада скаргу плануюць падаць і ў Генеральную пракуратуру.

За Мікалая Статкевіча ў Баранавічах сабралі 6,5 тысяч подпісаў, тысяча з іх – студэнцкія. Але пад такім ціскам частка студэнтаў ад сваіх подпісаў ужо адмовілася. Прычым для гэтага дастаткова проста вуснай адмовы, кажа палітык.

Мікалай Статкевіч: "Калі пэўны працэнт студэнтаў адклікае свае подпісы, то яны прызнаюць усе подпісы па Баранавічах несапраўднымі".

28 верасня супрацоўнікі баранавіцкага гарвыканкама і гарсавета зацвердзілі ў склад гарадской выбарчай камісіі спіс людзей без адкрытага абмеркавання і галасавання па кандыдатурах. Туды ўвайшлі прадстаўнікі КПБ і "Белай Русі", "Беларускага саюза жанчын", БРСМ і інш.

Прадстаўнікі апазіцыйнай партыі "Справядлівы Свет" і Таварыства беларускай мовы ў выбарчую камісію абраныя не былі.

Tut.by, 08.11.2010
Андрэй Елісееў, Еўрапейскае радыё для Беларусі