Выстаўка графікі Аляксандра Фалея распачнецца ў Мінске
Прислал admin 07.06.2010 19:10
15 чэрвеня 2010 года а 17-й гадзіне ў малой зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47) адбудзецца адкрыццё выстаўкі графікі баранавіцкага мастака Аляксандра Фалея "Паміж небам і зямлёй".
Продолжение новости:
Гэта ўжо не зямля, але але яшчэ і не неба, мастак ставіць задачу асэнсаваць прыродныя формы і гукі, разнастайныя сацыяльныя катаклізмы і адметныя знакавыя сістэмы, а таксама этнаграфічныя прыкметы з мэтай потым трансфармаваць ўсё гэта ў сваёй свядомасці і зафіксаваць ў абранай сістэме на паперы ці іншым матэрыяле.
"Яго работы, ці то жывапіс, ці графіка, ці аб'ект, успрымаюцца адзіным сімвалічным радам знакаў і рытуалаў, што смела ідуць праз колеравыя плямы і дынаміку ліній, калажныя напластаванні плоскасцяў і сумяшчэнні разнародных матэрыялаў, якія выходзяць за межы плоскасці ў бязмежнасць прасторы" (Яўгенія Федзіна, прэзідэнт Фонда "Сучасная графіка").
Экспрэсіўныя серыі работ, выкананыя з выкарыстаннем пэўных кантрастаў і рытмаў, спярша ўспрымаюцца як своеасаблівыя экзэрсісы (практыкаванні); але пры больш уважлівым разглядзе мы бачым зусім завершаныя кампазіцыі…
"Вібрыруючыя рухі кантрастных рытмаў ствараюць нейкую магію святла, колеру і чагосьці яшчэ, што заварожвае і чаго на вербальным узроўні і растлумачыць немагчыма. Ён абсалютна свабодна, я б нават сказаў – адлучана, – паглыбляецца ў такія памежныя станы, дзе можна адчуць блізкія па энэргетыцы рытмы, перш за ўсё Тапіеса, Тумблі, Базеліца" (Мікола Паграноўскі, мастацтвазнавец, cябра Беларускага саюза мастакоў).
Выстаўка працягнецца па 27 чэрвеня 2010 г.
TUT.BY, 07.06.2010