Міндоўга каранавалі па-расейску
Прислал admin 12.09.2013 17:39
Угодкі каранацыі Міндоўга (у нашым Наваградку) адзначаюцца ў Літве як галоўнае дзяржаўнае сьвята. Вось жа нарэшце падзею 6 ліпеня 1253 году ўспомнілі і ў нас.
Продолжение новости:
Угодкі каранацыі Міндоўга (у нашым Наваградку) адзначаюцца ў Літве як галоўнае дзяржаўнае сьвята. Вось жа нарэшце падзею 6 ліпеня 1253 году ўспомнілі і ў нас.
Аб’явілі: тэатралізавана-музычнае прадстаўленьне пад назвай “каранацыя Міндоўга” ў Наваградку — адбудзецца! Я загарэўся зьезьдзіць. Чакаць давялося амаль да ночы: у прызначаны час — 21 гадзіну — прадстаўленьне ніяк не пачыналася. Час цягнуўся, ніхто нічога не тлумачыў. Чаму каранацыя начная, калі ў гісторыі яна такой не была і калі рэканструкцыя разьлічаная галоўным чынам на прыежджых?..
Нарэшце вядоўца абвесьціў, што — зараз будзе! А потым па-расейску расказаў гісторыю незвычайнай падзеі.
Прысутныя на сцэне рыцары выканалі сваю задачу: прадстаўнік Папы патрымаў над галавой Міндоўга карону, затым новасьпечаны кароль патрымаў карону над галавой жонкі. Ура! Слава!
За тысячу рублёў у Наваградку можна пабыць маляваным каралём
Уяўляю, калі б літоўцы трапілі сюды, як бы яны рагаталі!
Яны забілі ў званы з нагоды пастаноўкі ў Менску балета пра вялікага князя Вітаўта: “беларусы крадуць у нас нашу гісторыю!” А тут яшчэ на Міндоўга, першага і апошняга караля руку сваю славянскую ўзьнялі! Можаце спаць спакойна, мае літоўскія сябры, калі б беларусы сапраўды хацелі прысвоіць сярэднявечнага Міндоўга, дык рабілі б гэта прынамсі па-беларуску, а не на мове СССР.
Што мне, здавалася б, той Міндоўг? А вось што: першую карціну, якую я набыў у Горадні, быў партрэт Міндоўга, і доўгі час яна ў мяне была адзінай у хаце. Так што я жыў і пісаў пад ягоным партрэтам, што мне самому сёньня здаецца дзіўным. Але выпадковасьцяў хіба не бывае ў такіх справах. Зачапіў мяне кароль сваёй гісторыяй.
Каб умацаваць уладу, Міндоўг вырашыў аднойчы зрабіцца каралём. Кароны тады раздаваў Папа Рымскі. Міндоўг уступіў у каталікі. Атрымаў карону, але пазьней адмовіўся ад каталіцкай веры. Ад крыжа, ад Хрыста. А значыць — і ад кароны. Бо які можа быць кароль, калі ў яго адзін Пярун у галаве?
Увогуле гэта ж якім дзіваком трэба быць, каб каранавацца, а потым ад кароны адмовіцца! Цяперашні рускамоўны Міндоўг гэтага зрабіць не пасьпеў: пасьля запозьненай каранацыі трэба было падумаць пра начлег.
Сяргей Астраўцоў, Радыё Свабода
nn.by
12.09.2013