На ростанях
Прислал admin 23.05.2013 22:20
Старшы лейтэнант Раман Калганаў — вайсковы дырыжор. Ён служыць начальнікам аркестра Баранавіцкай камендатуры. Старлей падпісаў кантракт на 10 гадоў, а цяпер не можа звольніцца.
Продолжение новости:
Старшы лейтэнант Раман Калганаў — вайсковы дырыжор. Ён служыць начальнікам аркестра Баранавіцкай камендатуры.
У 2006 ён паступіў у Вайсковую акадэмію. Мінабароны накіравала яго вучыцца ў расійскі ўніверсітэт. Пры паступленні з ім падпісалі кантракт на 10 гадоў: пяць адвучыся, а пяць адслужы.
У 2011 Раман вярнуўся ў Беларусь. Там, у Расіі, ён і пазнаёміўся з Таццянай. 7 студзеня 2012 Раман і Таццяна пабраліся шлюбам, 26 чэрвеня ў іх нарадзілася дачка.
“Я прыехаў з чырвоным дыпломам, папрасіў, каб далі жытло. Куды мне сям’ю везці — у інтэрнат? «Вы ішлі служыць — служыце», — было мне адказам”.
“З адзінаццаці месяцаў дачка толькі адзін бачыла тату. За 900 км на грашовае забеспячэнне афіцэра не наездзішся”, — кажа Раман.
Жыць з маладой жонкай у розных краінах, канечне, немагчыма. І ў жніўні ён напісаў рапарт на звальненне са службы. Тлумачыў тым, што жонка і дачка — грамадзяне Расіі, у Баранавічах ён не забяспечаны ўмовамі, каб перавезці іх у сюды.
А ў пасёлку Нахабіна (Маскоўская вобласць) у Таццяны ёсць свая кватэра.
У камендатуры прамыя начальнікі рапарт падпісвалі без праблем. Але ў Міністэрстве абароны адмовілі. На прыёме ў галоўным упраўленні кадраў Калганаву сказалі жорстка: ніхто не прымушаў жаніцца.
Маўляў, ён не адзін такі, што жыве ў інтэрнаце.
Тады афіцэр звярнуўся ў Брэсцкі міжгарнізонны вайсковы суд з пазовам на Міністэрства абароны. Хтосьці падказаў яму напісаць другі рапарт, у якім указаць, што жонка хворая. А з суда пазоў забраць. Тады нібыта звольняць. “Я напісаў другі рапарт, але з суда пазоў не забраў: быў упэўнены, што падмануць”.
Што да хваробы, то жонка Рамана сапраўды мае захворванні.
Па словах Рамана, суд адклалі на тры тыдні: маўляў, за гэты час рапарт падпішуць. Але толькі праз пяць месяцаў старшаму лейтэнанту давялі да ведама, што ў звальненні зноў адмоўлена. Касацыйная скарга таксама засталася без задавальння.
Цяпер афіцэр гатовы звольніцца па артыкуле.
“Вось учора я не выйшаў на працу: хай ставяць прагул, выгавары аб’яўляюць”.
Па словах Калганава, ён хоць і вучыўся для патрэбаў Мінабароны Беларусі, але наша краіна не выдаткоўвала для гэтага грошы. І ён не мусіць іх вяртаць дзяржаве пры звальненні.
Ад рэдактара
Калганаў, безумоўна, не мае рацыі з юрыдычнага і маральнага гледзішча. Раз абавязаўся служыць — павінен адслужыць. Ды, канечне, з-пад палкі яшчэ ніхто добра не працаваў.
Гісторыя старлея Калганава яшчэ раз паказвае, наколькі спрэчная сістэма мэтавага накіравання і прымусовага размеркавання. Патрэбны іншыя спосабы камплектавання штата.
* * *
Што па законе: Палажэнне аб праходжанні ваеннай службы.
Звальненне са службы малодшых афіцэраў ажыццяўляецца кіраўніком дзяржорагана, у якім праходзіць службу (міністр абароны).
Вайсковец-кантрактнік можа быць звольнены ў запас да сканчэння кантракта па ўласным жаданні — па заключэнні атэстацыйнай камісіі вайсковай часткі пры наяўнасці ў яго паважлівай прычыны, што перашкаджае выкананню абавязкаў службы.
Кантрактнік мае права быць звольнены ў запас да сканчэння кантракта ў сувязі з немагчымасцю пражывання членаў сям’і па медыцынскіх паказчыках у мясцовасці, дзе ён служыць, і пры адсутнасці магчымасці пераводу на новае месца службы, спрыяльнае для пражывання членаў сям’і.
Сяргей Макарэвіч
nn.by
23.05.2013