У Навагрудку планавалі сярэднявечны фэст, а правядуць дажынкі
Прислал admin 04.05.2012 21:11
У Навагрудку ідзе рамонт. Некаторыя працы выклікаюць пытанні ў мясцовых жыхароў.
Продолжение новости:
У чэрвені 2012 года ў Навагрудку планавалі правесці чарговы фэст сярэднявечнай культуры. У распаўсюджанай напрыканцы мінулага года папярэдняй праграмы фестывалю былі традыцыйныя мерапрыемствы — канцэрты сярэднявечнай музыкі, горад майстроў, бугурты і абавязковая інсцэніроўка штурму замка.

Аднак, VI міжнародны фестываль «Наваградак-2012» сёлета не адбудзецца. Як паведамілі "НН" у аддзеле культуры Навагрудскага райвыканкама, прычына адмены ў тым, што ў гэтым годзе ў Навагрудку будуць святкаваць абласныя "Дажынкі".

Магчыма, патлумачылі ў райвыканкаме, фестывалі спалучаць.



На дадзены момант Навагрудак рыхтуюць да абласных "Дажынак". Некаторыя працы выклікаюць пытанні ў жыхароў горада. Адзін з іх напісаў у рэдакцыю пра рэстаўрацыю гарадскога Дома культуры. Ён звяртае ўвагу на тое, што будынак з’яўляецца помнікам архітэктуры ХІХ ст.

Чытач прыкладае фотаздымак будынка: вокны часткова закладзеныя сілікатнымі блокамі, на другім паверсе над уваходам з’явіўся новы праём.

У аддзеле культуры райвыканкама супакоілі, што закладзеныя вокны — часовая мера. "Працы адбываюцца згодна праектна-каштарыснай дакументацыі. Гэтая мера — часовая".

Будынак, у якім месціцца Дом культуры, быў пабудаваны ў 1893 годзе, пазней неаднаразова дабудоўваўся і рамантаваўся.



Апошнія сем год зачынены на рамонт. У 2009 годзе "Гродзенская праўда" пісала пра яго:
"Напэўна, прасцей было б усё зламаць і пабудаваць новы сучасны Дом культуры. Але сцены старога будынка ўяўляюць гістарычную каштоўнасць, і яно залічана да гісторыка-культурным помнікам".

* * *

Падобная сітуацыя з адменай сярэднявечнага фестывалю ў Навагрудку ўжо здаралася ў 2008 годзе. Тады фэст перанеслі ў сувязі з тым, што горад адзначаў 965-цігоддзе.

Фэсты "Наваградскі замак" пачалі праводзіць з 2000 года, апошні прайшоў у 2010 годзе. Ён быў прысвечаны 600-годдзю Грунвальдскай бітвы.

На здымках:
1) Будынак Дома культуры (помнік архітэктуры ХІХ ст.) у часе рамонта. Фота Арцёма Аблажэя.
2) Дом культуры перад рамонтам. Фота Міколы Гайбы.

Сямён Печанко
nn.by
04.05.2012
center