Жыццёвыя аповяды
Прислал admin 08.08.2010 16:32
Ці многія з нас помняць гісторыю свайго роду — сваіх дзядоў і прадзедаў? Калі казаць шчыра, то мала хто. Гады панавання савецкай улады выкарэнілі, здаецца, усё, што было магчыма. Але вось неяк прыйшлося мне сутыкнуцца з расказамі нашае зямлячкі Алены Міхайловіч, якія дакументальна распавядаюць пра старонкі з жыцця яе бацькі, дзядулі і іх сем’яў. Яна настолькі цікава зазірнула ў мінулае ды гэдак прыгожа ўсё апісала, што я прапанаваў ёй падзяліцца некаторымі эпізодамі з чытачамі «Мясцовай газеты». Напісана ўсе прыгожай беларускай мовай з іскравымі народнымі словамі і выразамі.
Iгар Mасцiцкi, 2003 год
* * *
ЗАМЕСТ УСТУПУ

Так здараецца заўсёды: думаеш, што наперадзе яшчэ шмат часу і тое, што мяркуеш зрабіць, здаецца, зробіш калі-небудзь, але, агледзеўшыся, бачыш, што спазнілася. Не раз, калі я слухала аповяды майго таткі пра былое, пра сваіх родных, яго казкі, я меркавала, што калісьці ўсё гэта занатую. І вось ужо неўзабаве будзе пяць гадоў, як бацькі не стала. Але засталіся хата, вялізны сад, пасека, кветкі — ружы, якія яшчэ некалі ён пасадзіў, і самае галоўнае — яго ўспаміны, яго аповяды.

Адзін з бацькавых аповядаў — пра яго дзеда Вінцуся — асабліва запаў мне ў памяць. Гэта гісторыя, як дзед хадзіў да кума рамантаваць кола.



Аповяд першы.
ЯК КОЛА ВЫРАТАВАЛА АД "НЯЧЫСТАЙ СІЛЫ"


Неяк напрадвесні дамовіўся Вінцусь з кумам, што той направіць яму сапсаванае кола. Чаго ж тут доўга вагацца — справа нехітрая, таму Вінцусь з вечара прыгатаваў кола, запасся барышом і з першым пеўнем прыладзіў кола за плечы ды й пайшоў у суседнюю вёску.

Праз некаторы час паказалася і кумава хата. Вінцусь пагрукаў у шыбу і даволі доўга чакаў, калі кум адчыніць дзверы… Нарэшце ён ўбачыў заспанага кума, які збянтэжана пазіраў на яго. Аказваецца, яшчэ была глыбокая ноч. Ці то Вінцусь прысніў, што пяе певень, ці то той певень загаласіў, з’ехаўшы з глузду, але не адпраўляць жа кума з колам назад дахаты.

Запалілі святло, адрамантавалі кола, выпілі барыш, і Вінцусь рушыў дадому. Цяпер ўжо сапраўды спявалі пеўні й пачынала крыху шарэць. Хто быў у тых мясцінах, а гэта непадалёку ад Чэрніхава, той ведае, што мясцовасць там гарыстая, неяк нават не зусім звычайная для нашых мясцін. Дык вось, нёс дзед гэтае кола і, вядома ж, стаміўся ад гэтага ўсяго начнога падарожжа, ды й сеў ён на пагорку — надумаў крыху адпачыць і перакурыць.

Паставіў перад сабою кола, дастаў з кішэні кісет, напхаў тытунём люльку й пачаў стукаць крэсівам…, але раптам нейкая незвычайная сіла моцна ляснула яму ў лоб. Ён нават не зразумеў, што гэта было, як страціў прытомнасць і, мабыць, пакаціўся з таго пагорка, бо ачухаўся дзед ужо ў лажбіне.

Ні кола, ні крэсіва, ні люлькі нідзе не было. Крэхчучы і паціраючы пабітую галаву, крочыў Вінцусь дахаты. А калі прыйшоў, то пабудзіў блізкіх ды й расказаў, як нейкая нячыстая сіла трэснула яго па галаве і пакаціла з гары.

…Неўзабаве ўжо й развіднелася. Дзед з роднымі пайшлі паглядзець, што ж там нарабілася, ды дзе дзелася кола. Уявіце сабе іхні жах, калі яны ўбачылі ў лагчыне вялізарнага воўка, задушанага колам. Відаць, ён падпільнаваў Вінцуся, і, калі той прысеў, кінуўся на яго, але трапіў паміж спіцамі кола і такім чынам пакаціўся ўніз…

Пасля гэтага здарэння доўга яшчэ суседзі суседзям пераказвалі гісторыю пра «нячыстую сілу», што такім дзіўным чынам адлупцавала дзядулю Вінцуся.


Аповяд другі.
ПОМСТА


У маёй бабулі Ганны і дзядулі Кастуся было пяцёра дзетак: Марыя, Людміла, Наталля, Міхась (мой татка) і Тадэуш. Але Тадэуш памёр маленькім. Калі бацькі былі на жніве, старэйшыя дзяўчаты накармілі малога зялёнымі яблыкамі. К вечару ў дзіцяці пачаўся крывавы панос («крываўка», як некалі казалі) і бацькі, вярнуўшыся са жніва, хоць і кінуліся вязці яго да доктара, але, на жаль, не давезлі.

У бабулі Ганны яшчэ з моладу, пасля першых дзетак, пачала моцна балець нага. Куды яна толькі не кідалася, да якіх дактароў не ездзіла, паратунку не было. Нават падлогу яна мыла амаль што лежачы. Аднаго разу ў Вялікі пост зайшоў у іхнюю хату жабрак. Лежачы на печы, бабуля растлумачыла яму, дзе зацірка, дзе хлеб, і папрасіла выбачаць яе, што не падала сама, бо не можа ад болю хадзіць.

І вось, пад’еўшы, гэты жабрак ды і кажа: «Ведаю я аднаго шаптуна на Навагрудчыне, вось каб табе да яго трапіць. Але Ганна адказала яму, што мужык яе туды не павязе, вось бацька, дык той, можа б, і завёз. Жабрак распытаў, як знайсці бацьку, рушыў з хаты і неўзабаве праз колькі дзён прыехаў на санях Вінцусь па дачку. Рушылі яны зранку, бо дарога была і няблізкая, і нялёгкая напрадвесне.

Як ехалі адкрытым месцам, дык нічога, але, як пачаліся лясы, тут і прыйшло выпрабаванне. Бабуля ляжала на санях, а яе бацька Вінцусь ішоў з віламі то з аднаго боку саней, то з другога, баронячыся такім чынам ад ваўкоў.

І ў рашце рэшт трапілі яны да таго шаптуна. Зайшлі ў хату, бачаць, ляжыць на ложку яшчэ не стары чалавек, хударлявы і бледны з твару. Прывіталіся, а той і кажа Вінцусю:

— Навошта ты яе ўсю дарогу лаяў, яна ж не вінаватая, што ёй баліць, а за санямі ваўкі цікавалі. Вось ты мне не верыш, а хочаш, я скажу, колькі ў цябе дзетак — трынаццаць.

— А вось і не, — зарагатаў Вінцусь, — дзевяць.

Тады той шаптун і кажа:

— Як жа табе не сорамна, што ж ты не лічыш дзве двойні, што нарадзіліся сямімесячнымі і адразу памерлі!? А ведаеш, чаму яны памерлі?

— Не.

— Бо ты высек малады сад за хатай.

Той у адказ:

— Сам пасадзіў, сам і высек.

— Вось і дзякуй Богу, што сам пасадзіў, а каб хто другі, то і ўсе твае дзеткі памерлі б. А цяпер вазьмі драўляную бутэльку, што стаіць на лаве, ля дзвярэй, і налі ў яе са студні вады.

Доўга Вінцусь наліваў тую ваду, вельмі ж вузкае было рыльца ў той бутэлькі. А тым часам шаптун кажа Ганне:

— Ёсць у цябе кума. У цябе дзеткі нараджаюцца і жывуць, а ў яе нараджаюцца і паміраюць. Апошняе дзіцятка, як памерла, ты ёй абмывала?

— Я, — адказвае Ганна.

— Ну вось, а яна гэтую ваду табе пад парог і выліла, а ты ў яе ўступіла. Хочаш, я навучу цябе, як ёй гэта ўсё адрабіць назад?

Але бабуля не згадзілася. І тады шаптун сказаў ёй, каб марна не траціла грошы на дактароў, з цягам часу будзе ёй палёгка, але невялікая.

Так і мучылася ўвесь свой век мая бабуля. Памерла яна хутка пасля вайны, у 1946 годзе. Але ж і кума яе доўга не жыла, і апошнія гады жыцця пакутавала на ногі, але да дактароў не звярталася.

І яшчэ колькі слоў скажу пра свайго прадзядулю Вінцэнта: вельмі любіў пчол, гэтую любоў і перадаў майму бацьку. Хоць і пяклі іх няшчадна пчолы, але гэдак ён мог распаліць малога ўнука, што той, не гледзячы ні на боль, ні на тое, што цела пухне, заўсёды дапамагаў яму ў нялёгкай пчалярскай справе. А пражыўшы на зямлі колькі год, прыйшоў ужо стары Вінцусь дахаты і сказаў: «Дайце, дзеткі, свечку — буду паміраць!». Лёг на лаву пад абразамі і ціха памёр. Мусіць, заслужыў ён у пана Бога такую лёгкую смерць.


Аповяд трэці.
ХІТРУКІ


Яшчэ з успамінаў майго бацькі засталіся ў памяці некалькі расповядаў. Быў татка яшчэ малы, гадоў 9–10. Аднаго разу сабраліся сябры, такія ж хлапчукі, і надумалі зрабіць сабе баль. Прынеслі з хат, хто што змог. Быў там сын і аднаго яўрэя, Ёся, той прынёс галоўкі сыра. А мой татка, прыбегшы дадому, нічога вартага ў хаце не знайшоў, а, успомніўшы пра паляндвіцы і кумпякі, што віселі ў хляве пад страхой, доўга не вагаючыся, узяў касу, стаў на пустую бочку і шаснуў па бліжэйшаму кумпяку, адрэзаўшы якраз добрую палову.

Надвячоркам з хлява пачуўся разгублены голас Косціка: «Ганна, Ганна, хадзі сюды, глянь, што робіцца!». Узняўшы вочы, Ганна ўбачыла кумпяк, адрэзаны наўскось. Але ад зямлі да кумпяка было вельмі высока і ніхто не падумаў, што гэта справа рук малога Міхася. Доўга яшчэ меркавалі Кастусь і Ганна, хто ж гэта нарабіў такую шкоду. І толькі з цягам часу Міхась прызнаўся бацькам, што гэта ён частаваў сяброў кумпяком і нават Ёся еў, але толькі вельмі прасіў хлопцаў, каб не казалі пра гэта яго бацькам.

Наш дзядуля па бацьку, Кастусь Міхайловіч, меў вясковую мянушку «Хітрук», і вось чаму. Неяк прыкапіўшы колькі грошай, купіў ён у суседа карову, бо аднае на сям’ю не хапала. Карова, мала таго, што была старая, была такая занішчаная, што рэбры ў яе тырчалі, як на страсе, з якой знялі салому, а поўсць на скуры дзе тырчала торчма, дзе зусім аблезла. Сусед быў рады пазбавіцца такога страхоцця. «Гешэфт» адбыўся ўвосень, а ўжо праз колькі тыдняў кароўку было не пазнаць. Корму ў Кастуся было назапашана ўволю, сена мо не на дзве, а на ўсе чатыры каровы. А ўзімку тая кароўка стала ладненькая ды кругленькая. А пасля Грамніц, ацяліўшыся, прывяла ажно дзве цялушачкі. Колькі ж было радасці ў хаце! У гэты год купіў яшчэ Кастусь кавалак зямлі каля могілак. Гэтая зямля лічылася нікчэмнай і шмат не каштавала. Засеяў яе лубінам ды гарохам, і потым пусціў пасвіцца каровак з цяляткамі. А на другі год пасеяў на гэтым лубіне пшаніцу. І такая дарадзіла пшаніца, што ўсім на дзіва. Вось і пачалі тады Міхайловічы звацца «Хітрукамі».


Аповяд чацвёрты.
СПАТКАННЕ З ТРОЦКІМ


Дзядуля Кастусь працаваў на чыгунцы, быў машыністам. Многія з тых мясцін, асабліва з Пагарэльцаў, карміліся з чыгункі. Калі прыйшлі першыя саветы, забралі Кастуся і паехаў ён на Расею. І дзе яго толькі не насіла, шмат чаго пабачыў і нацярпеўся, вось толькі дахаты ніяк не мог трапіць. І вось аднаго разу павёў ён цягнік на Брэст. Неўзабаве прыйшоў да іх у кабіну нейкі малады жыдок з бародкаю і стаў распытваць пра жыццё. Вось і паскардзіўся яму Косцік, што ўжо тры месяцы не бачыў родных, не мыўся, не меняў вопраткі, а будзе ехаць міма сваёй хаты. І вось калі цягнік пад’ехаў да Пагарэльцаў, загадаў той камісар (бо той жыдок і быў камісарам) спыніць цягнік. А Косціку дазволіў збегаць дахаты, пабачыцца з роднымі, пераапрануцца. А сам тым часам загадаў склікаць народ, а калі вяскоўцы сабраліся, пачаў мітынг і тлумачыў ім пра міжнароднае становішча да тых пор, пакуль не прыбег мой дзядуля. Уявіце сабе сабе: такі чалавечы ўчынак зрабіў сам Леў Троцкі, — гэта ён ехаў у Брэст па сваіх рэвалюцыйных справах. Праўда, аб гэтым усе родныя маўчалі, як вады ў рот набраўшы, бо пры Польшчы гэта было нябеспечна, а пры другіх саветах, пакаштаваўшы іхняе «волі», і ўвогуле можна было загінуць, нездарма ж Кастусь меў мянушку «Хітрук». Толькі калі татка пайшоў на пенсію, ён адважыўся нам пра гэта распавядаць.


Аповяд пяты.
«ДАБРААХВОТНАЯ» КАЛЕКТЫВІЗАЦЫЯ


І яшчэ аднаго разу не падвяла мянушка Кастуся. А было гэта ў 1939 годзе. У той час Кастусь цвёрда стаяў на нагах. Была ў яго і зямля, і коні, і каровы, і пасека, і ўсялякая хатняя дробязь накшталт авечак, свіней, гусей і кур. Мей усе прылады да працы на зямлі. а саме галоўнае, меў вялікую любоў да гэтай зямлі, да сялянскае працы, якую перадаў свайму сыну Міхасю, а той перадаў у спадчыну мне.

Дык вось, калі прыйшлі другія саветы і абвясцілі людзям, што іх цяпер «звольняць ад цяжкай працы», што ім «адкрываецца «светлы» шлях у калгасы», прыйшоў Кастусь дахаты, сабраў усіх дзетак, пагараваў ды й кажа: «Нічога мы не зробім, яны дужэйшыя». На другі дзень, адплакаўшы і зямельку, і скацінку, першы пайшоў запісвацца ў калгас, такім чынам захаваўшы сваю сям’ю. Яму нават выдалі паперу, што ён калгаснік, і яго дзеці могуць атрымаць адукацыю. Вось такім чынам мой бацька і яго дзве сястры, паехаўшы ў Баранавічы, вывучыліся на бухгалтараў. Старэйшая Маня на той час ужо была ў шлюбе.

Татка мой з моладу вельмі захапляўся кветкамі, яму трэба было вучыцца на агранома ці біёлага, але ў той час вучыліся, на каго можна было. Дык вось, жыўшы ў Баранавічах на кватэры, ён сваёй гаспадыні насаджаў шыпшыны і ўшчапіў яе рознымі ружамі. А потым тое ж самае зрабіў і на бацькавай сядзібе на Друцькаўшчызне. Гэта, можна лічыць, выратавала ўсю іхнюю сям’ю ад знішчэння ў мінулую вайну.


Аповяд шосты.
МЁД, альбо ЛЮБІШ КАТАЦЦА…


Быў наш татка яшчэ малады, вучыўся ў Баранавічах, і аднаго разу ўлетку, прыехаўшы з горада, убачыў, што бацька рыхтуецца качаць мёд, носіць з вулляў магазіны з рамкамі. А год быў удалы, рамкі ўсе крытыя воскам. І важыў той «магазін» добры пуд, а, мо, і болей.

Татка, скінуўшы пінжак, кінуўся дапамагаць бацьку, але адразу дапусціў вялікую памылку: не прыціснуў шкарпеткамі штаны — тыя свабодна боўталіся вакол ног. А вядома ж, як нясеш той магазін з мёдам, дык кропля, другая, абавязкова выцячэ і на абутак, і на порткі. Гэдак і здарылася. Нясе мой татачка магазін і адчувае, як па ногах, спачатку палытках, а потым вышэй і вышэй паўзуць пчолы. І не адна, а шмат. Другі б, можа, кінуў той магазін з рамкамі і ратаваўся, але ж татку вельмі было шкада мёду. І тут яго працяў невыразны боль, бо пчолы ўжо падняліся аж да пупа, ды й пачалі ад злосці сваю пчаліную справу — пяклі яго, дзе толькі можна. Толькі пераступіўшы парог хаты, ды паставіўшы той злашчасны магазін, татка аб’ехаў каля яго, страціўшы прытомнасць. Спачатку бабуля з дзядулем нічога не маглі зразумець, але, убачыўшы, як са штанін выпаўзаюць пчолы, кінуліся здымаць з таткі порткі і вымаць бясконцыя джалы.


Аповяд сёмы.
ЗАЙЗДРАСЦЬ, альбо ШТО БЫЛО, ТО БЫЛО


Колькі слоў скажу пра бацькаву радню па дзеду Кастусю. Ягоны бацька, Міхась Міхасёў (каб не зблытацца, тлумачу, што ў іхняй радні ўсе былі альбо Міхасямі, альбо Кастусямі, дарэчы, мой сын таксама Кастусь, як і яго прадзядуля) меў багата дзяцей, але не былі яны дружныя, адна з дачок нават зманула, што бацька аддаў яе замуж без пасагу, і адсудзіла ў яго ўласную хату, і ён быў вымушаны жыць у стайні, але потым стаў на ногі.

Былі тыя Міхасёвы зайздрасныя і карыслівыя людзі. Памятаю, што нехта з стрыечнай радні падпаліў яшчэ пры Польшчы хлеў у дзеда Косціка, але, дзякуй Богу, усю скаціну і коней вывелі на двор, а пажар патушылі. А ў вайну хацелі ўвогуле іх знішчыць. Неяк летам 1942-га года прыйшлі на падворак немцы: афіцэр і двое салдат. А ў палісадніку буялі ружы, ні ў кога па ўсёй акрузе такого не было і блізка. Афіцэр, запытаўшыся, ці разумее хто па-нямецку, стаў размаўляць з бацькавай сястрой Наталляй, якая някепска валодала нямецкай мовай. Яна растлумачыла афіцэру, што ружамі захапляецца малодшы брат Міхась, што матуля пакутуе на ногі і ўжо другі год не ўстае з ложка. А на пытанне: хто такія і такія, яна адказала, што гэта стрыечная радня па бацьку. Дык вось, кажа афіцэр, яны данеслі ў паліцыю, што ўся ваша радня — партызаны, спадзяючыся, што тых без доўгіх слоў усіх знішчаць. Той афіцэр потым не раз прыходзіў да іх на сядзібу, прыносіў лекі бабулі Ганне. А аднаго разу ўсе былі сведкамі, як той афіцэр, зняўшы з рук скураныя пальчаткі, надаваў імі па шчоках свайму салдату за тое, што той нарэзаў вялізарны букет ружаў, ды пры гэтым прыгаворываў, што ружы прыгажэйшыя, калі сядзяць у кветніку.

І пасля вайны не супакоілася тая зайздрасная радня. Данеслі ў НКУС, што татка ў вайну быў «звязаны» з немцамі. Забралі яго ў Баранавічы і колькі тыдняў цярпеў ён здзекі — то сляпілі вочы святлом, то прымушалі стаяць на нагах, не даючы прысесці ні на хвіліну, ажно лыткі «павыплывалі» з ботаў і тыя боты знялі з ног толькі разрэзаўшы халявы. Так і быў ён потым босым. Усё застаўлялі падпісваць паперы, што бацька — нямецкі шпіён, але марна, нічога мой татка не падпісаў. А нехта з аховы падказаў яму і такім жа хлопцам-бедалагам, што на іх не заведзены асабовыя справы, і аднаго разу яны ўсе ноччу ўцяклі. А быў ужо лістапад, крыху падмарожвала і татка бег дахаты цэлую ноч у аднім ісподнім і босы, памарозіўшы ногі.


Аповяд восьмы.
БЛІЗКІ СУСЕД ДАРАЖЭЙ ЗА ДАЛЬНАГА СВАЯКА


Былі ў маёй бабулі Ганны і дзеда Кастуся суседзі, жылі яны небагата, мелі шмат дзяцей. Адзін з хлапчукоў, Ясь, вельмі любіў хадзіць да маёй бабулі Ганны ў госці. Прыйдзе на надворак ды й кажа: «Цётка Ганна, я прыйшоў да вас у госці!». Тая запрашае яго ў хату, адразае лусту хлеба і налівае кубак малака. Сама завіхаецца па гаспадарцы. Праз некаторы час чуе з кухні: «Цётка Ганна, малако канчаецца…». Усё зразумела, у кубак даліваецца малако. Потым: «Цётка Ганна, хлеб скончыўся!...» І гэдак да тых пор, пакуль Яська не адчуе сябе пад’еўшым. Потым дзякуе і маленькі сусед бяжыць па сваіх справах.

Была ў іхняй вёсцы адна кабета, Маня, нарадзіла па-за шлюбам дзіцятка, і, вядома, хацела, каб хросны бацька быў чалавек не бедны. Запрасіла кумам Пятра — ён меў пасеку і лічыўся багатым, меў ладную гаспадарку. Але той, баючыся, што вясковыя пляткаркі прыпішуць яму тога байстручка, адмовіў Мані, хоць і ўзяў грэх на душу. Прыйшлося той запрасіць кумам суседа, які ніколі не быў багатым, можа, і не пад’еў ніколі ўволю. А былі тыя хрэсьбіны ўлетку і, вядома, усім на вёсцы было вельмі цікава, як жа ж Маня частуе новага кума. Паслалі бацькі і малога Міхася, каб ён пацікавіўся, як там і што. Назбіралася такіх падшыванцаў са ўсёй вёскі, абляпілі яны адчыненыя вокны, бачаць: багата ўсяго на стале. Вядома ж, каб пачаставаць багатага кума маня не пашкадавала ні гуся, ні качку. І сала, і паляндвіцы, ды й выпіць гарэлкі багата стаяла на стале. А сама гаспадыня, ужо крыху падпіўшы, падпершыся далонню, пахістваючыся з боку ў бок, прыгалошвала: «А жарыла, парылась, а варыла, прыбіралась, а хто гэта ўсё есці будзе?!». На што новы, агаладаўшы кум казаў: «Не плач, Маня, усё з’ямо, усё вып’ем, а як не дамо рады, то на другі дзень прыйдзем».

Быў у іхняй вёсцы адзін дзяцюк, гадоў пад сорак, але нежанаты, ростам высокі, дужы, але, як казалі тады, трошкі «помылёны». Ну, не сказаць, каб зусім дурны, але і розуму было небагата. І было ў яго ні то прозвішча, ні то мянушка «Баўтрук». Неяк улетку надвячоркам сабраліся вясковыя мужыкі на лаўцы, дзе адбывалася нешта накшталт «сходу». Падлеткі і хлапчукі круцідіся каля той лавы таксама і прыслухоўваліся да мужчынскай гаворкі. Бачаць, ідзе Баўтрук і трымаецца за сярэдзіну. Адразу пачалі распытваць, што здарылася, і той паскардзіўся, што ўвярэдзіў сярэдзіну, гэдак касіў зранку сена. Адразу пачалі раіць лекі, а нехта вазьмі і прапануй: «Вунь у Пятра вуллі, прысядзь каля лёткі, хай табе пчолы напякуць сярэдзіну — усё як рукой зніме. Баўтрук пацягнуўся, ледзьве перастаўляючы ногі. Прысеў каля лёткі, задраў рубаху і прыспусціў порткі. праз некаторы час пачуўся яго расчараваны голас: «Не пякуць!» Нехта параіў: «А ты грукні кулаком у вулей!». Той і грукнуў. Праз хвіліну ўсе убачылі, як Баўтрук, трымаючы рукамі порткі, скача цераз плот, па градах, цераз кусты. І нібыта на крылах ляціць да сажалкі, забіваецца ў трысняг і адтуль доўга чуецца адборная лаянка.

Расказваў нам татка яшчэ пра аднаго чалавека з суседняй вёскі, Казічка, якому прыйшла павестка ісці ў войска, а быў ён жанаты, дзеткі, што гарох, адно за адным сыпаліся. І каб Казічак апынуўся ў войску, чакаў бы іх усіх марны лёс. А той узяў добры цвік, вяроўку і пайшоў за хлеў. Прыйшоўшы назад, ён ужо не меў у роце ніводнага зуба. А такіх у войска не бралі. Вось якая вялікая любоў да сваіх дзетак была ў сэрцы таго чалавека, што цярпеў такі боль, выдзіраючы сабе здаровыя зубы, робячы сабе калекаю, але ратуючы сваю сям’ю ад галоднай смерці.

Алена МІХАЙЛОВІЧ,
г. Баранавічы, 2002 год
Выкарыстаны малюнак "Квiтнеючы ябланевы сад" М. Багданава-Бельскага, 1936 год