Яны абодва прыйшлі ў свет у адной баранавіцкай радзільні
Прислал admin 11.11.2010 18:16
Сяргей Лозніца — рэжысёр, які нарадзіўся ў Беларусі, сёлета стаў аўтарам адной з самых спрэчных стужак постсавецкай прасторы, якая была паказана на Канскім кінафестывалі.
Продолжение новости:
Сяргей Лозніца — рэжысёр, які нарадзіўся ў Беларусі, сёлета стаў аўтарам адной з самых спрэчных стужак постсавецкай прасторы, якая была паказана на Канскім кінафестывалі. Фільм "Шчасце маё" (дэбютны для рэжысёра, які дагэтуль быў вядомы як дакументаліст) паказалі ў рамках асноўнага конкурсу "Лістападу", ён выклікаў шквал эмоцый — ад рэзкага непрымання да разумення таго, што так адбываецца ў жыцці: людзі губляюцца, сярод чужых яны часцей за ўсё не разлічваюць на дапамогу... Прадставілі карціну сам аўтар і акцёр Віктар Немец, абодва жартавалі, што прыйшлі ў свет у адной баранавіцкай радзільні.
Напэўна, ёсць усё-такі адчуванне месца і еднасці з тымі, хто жыве тут дагэтуль. Бо Сяргей Лозніца прызнаўся, што яго першы фільм мог быць зусім іншы:
— Спачатку я хацеў здымаць карціну паводле Васіля Быкава. Але для дэбюту знайсці грошы на карціну па такой тэме даволі складана. Усе кажуць: Другая сусветная вайна, усё сказана, нецікава... Але ніхто не разумее, што хоць усё сказана, але ніхто нічога не чуе. І тады ў 2004 годзе я напісаў гэты сцэнар і мы знайшлі фінансаванне на гэтую карціну. Але шукалі доўга. Гэта не дзяржаўныя, а прыватныя грошы. Бо хто дасць невядомаму дакументалісту грошы на дэбютны фільм? У нас, на жаль, існуе дакладны падзел з савецкіх часоў на дакументальнае і ігравое кіно. Дакументальнае кіно не лічылі мастацтвам, а залічвалі да прапаганды. Але ж мы забываем, што і адно, і другое можа быць немастацкім. Бюджэт фільма "Шчасце маё" склаў 1 мільён 460 тысяч еўра. 60 працэнтаў ад гэтай сумы далі немцы.
— Чаму ў сучасную гісторыю ўведзены эпізоды, звязаныя з вайной?
— У карціне дзве гісторыі з Вялікай Айчыннай вайны. Адна была расказана мне Васілём Быкавым — пра хлопчыка і бацьку. Другую распавёў чалавек, якога мы фатаграфавалі ў 1999 годзе, калі я спытаў пра самую запамінальную падзею ў жыцці. Ён пабачыў фотаапарат і заплакаў... Усе эпізоды звязвае дарожная гісторыя. Усё гэта мы таксама можам чуць сёння з навінаў: згубіўся грузавік, прапаў чалавек... Але я лічу, што вытокі сучаснай жорсткасці трэба шукаць раней, у мінулым. Бо зло спараджае іншае зло. Але, магчыма, капаць трэба яшчэ глыбей, пачынаючы з рэвалюцыі. Адбылося злачынства. Чаму тады справядлівасць не адноўлена? Сур'ёзнае пытанне...
— Вы збіраецеся працягваць гэтую тэму ў наступных фільмах?
— Наступную карціну я хачу зняць паводле аповесці Васіля Быкава "У тумане". Гэта будзе таксама не камедыя. З аднаго боку звычайная, з другога боку парадаксальная ў сваёй нявырашанасці гісторыя. Чалавека падазраюць у тым, што ён супрацоўнічаў з акупантамі, і два партызаны едуць забіваць мірнага жыхара. Заканчваецца ўсё дрэнна для ўсіх...
— Не баіцеся, што вас зноў не зразумеюць у жаданні капаць да самых цёмных бакоў чалавечай душы?
— Усё залежыць ад таго, наколькі чалавек думае ці не думае пра тое, што адбывалася. Наколькі ён мысліць.
Ларыса Цімошык, Звязда
11.11.2010