"Тэлефонны мінёр" замініраваў царкву ў Баранавічах
Як інфармуюць міліцыянты, тэлефанаванне на адмысловую лінію "102" паступіла з мабільнага тэлефона, нумар якога вызначыўся. Інфармацыя пра выбуховую прыладу адразу ж была перададзеная сапёрам. Аднак сапёрна-піратэхнічная група ў складзе трох чалавек з адмыслова навучаным сабакам падчас праверкі ніякай міны ў царкве не выявіла.
У гэты час супрацоўнікі міліцыі недалёка ад гарадскога Дома культуры затрымалі мужчыну, які і тэлефанаваў са свайго мабільніка наконт мініравання храма. Як высветлілася, паведамленне было хлуслівым, а мужчына — 38-гадовы жыхар Баранавічаў, ужо меў судзімасць за такое ж дзеянне ў 2007 годзе.
На яго распачалі крымінальную справу. "Тэлефоннаму мінёру" пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі, адзначае газета "Intex-press".